Мазурэк для князя Міхала,
альбо Пра Баль у Аборах

Лістапада 7 дня року 2015, у палацы Веляпольскіх у Аборах, што пад Варшавай, прагрымеў Баль шляхецкі, дадзены панам Z, капітанам 1-га рэгімэнту шевалежераў-лансьераў гвардыі я.І.М. Напалеона І у гонар юбілею князя Міхала Клеофаса Агінскага, знакамітага кампазытара і дзеяча, шанаванага ўва ўсёй правінцыі Літоўскай ды й палове Эўропы.

kalazh

Баль адзначылі сваёй прысутнасьцю і актыўным удзелам запрошаныя госьці з усіх земляў Вялікага Княства: цывільныя асобы і ўланы 17-га палку кавалерыі літоўскай ў суправаджэньні мноства выдатных дам.

У старадаўнім палацы ўвесь вечар гучала музыка, выкананая лепшымі музыкамі зь Менску-Літоўскага; чуліся жарты і смех, прыемныя зносіны старых і новых знаёмых, захапленьні ўбраньнем палацу.

kalazh2

Госьці, пасля абвешчанага Маршалкам Балю палянэзу, які расцягнуўся па залях палацу, каб падкрэсьліць урачыстасьць падзеі, з нагоды якой зьехаўся ўвесь бліскучы збор, неўзабаве зьвярнуліся да вясёлых танцаў. Кантрадансы, кадрылі і, вядома ж, мазуркі даставілі задавальненьне як танцуючым, так і назіральнікам.

YR-15v0ajDg

Да Мазуркі ж, гэтага выбітнага танцу, у якім так яскрава праяўляецца высакароднасьць і шанаваньне кавалерам дамы, цудоўным вечарам у Палацы Аборскім было асаблівае стаўленьне! Дамы, якія прыбылі на гэтае выкшталцонае Сьвята, сваімі балёвымі ўборамі і фрызурамі так трапна нагадалі антычныя ўзоры, што прымусілі кавалераў ўявіць, быццам апошнія знаходзяцца на Алімпе. Кавалеры, схіліўшыся перад сваімі багінямі, у сваю чаргу, намагаліся спраўна вырабляць танцавальныя па і ня блытаць фігуры ў кадрылі.

Сярод франтаў у мундурах была заўважаная такая модная тэндэнцыя як апранаць на Баль боты, што, зрэшты, было вельмі да месца ў старадаўніх мурох палацу, а таксама зьявілася імкненьнем да традыцыяў слаўных продкаў і напамінам пра нядаўнія вайсковыя перамогі.

llR7ifvwCh8

У перапынку паміж танцамі гасьцям была прапанаваная вячэра, якая як многія адзначылі пасля, нагадала сапраўднае баляваньне ў лепшых традыцыях старасьвецкіх арыстакратычных, дзе гучалі тосты ў гонар гаспадара і гаспадыні Балю, адзначаючы пры гэтым іх гасьціннасьць, і аб’явы аб атрыманьні новых чыноў і пасадаў, якія суправаджаліся воклічамі “Vivat!” і “Niech ?yje Litwa!”. Баль доўжыўся да позьняй ночы і пакінуў прыемныя ўспаміны ўсім, хто яго наведаў.

P.S. Гаспадар Сьвята запэўніў, што ў хуткім часе дасьць Баль зь яшчэ большым размахам у якім-небудзь краі, дарагім нашым сэрцам і сэрцу слаўнага князя Міхала!

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>

*